1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

В Шумилинском районе прошёл областной конкурс «Лесоруб-2019″

Спаборнічалі лепшыя лесарубы вобласці

У мінулую пятніцу на Обальшчыне прайшоў абласны конкурс прафесійнага майстэрства “Лесаруб-2019”. Прадэманстраваць свой прафесіяналізм, паказаць, хто лепш валодае бензапілой, можа спілаваць дрэва і ўкласці яго дакладна ў патрэбным накірунку, прыехала 19 каманд вобласці. Па-за конкурсам выступіла юніёрская зборная Міністэрства лясной гаспадаркі.
Асноўныя спаборніцтвы прайшлі на пляцоўцы перад Обальскай школай, адзін з этапаў прадугледжваў выезд на валку дрэў у лесасеку Обальскага лясніцтва.
Перад пачаткам спаборніцтваў удзельнікаў віталі начальнік аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Ігар Курачкін, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Уладзімір Савік, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, дырэктар Шумілінскага лясгаса Аляксандр Лабынцаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емяльянаў, якія пажадалі канкурсантам удачы, добрага настрою, каб перамаглі мацнейшыя і самыя прафесійныя.
Што сёння ўяўляюць сабой лесарубы? Яны вельмі адрозніваюцца ад тых, каго мы прывыклі “маляваць” у сваёй галаве – моцнага і дужага барадатага мужчыну з вялізнай сякерай і ручной пілой. Сёння яны ўсе экіпіраваныя згодна з сучаснымі патрабаваннямі, а галоўная прылада працы ў іх руках – кампактная і магутная бензапіла, пераважна замежнай маркі. І падобныя спаборніцтвы выдатна дэманструюць тое, што старажытнае рамяство стала па сутнасці адным з відаў спорту, са сваімі нарматывамі і строгімі правіламі.
Пяць этапаў павінны былі прайсці лесарубы: валка дрэва на лесасецы, мантаж пільнага ланцуга, дакладнае піленне, распілоўка камбінаваным рэзам, абрэзка сучча, эстафета. Усе правілы дакладна рэгламентаваны, улічваюцца якасць  і хуткасць выканання практыкавання, за ўсімі рухамі і дзеяннямі пільна сачыла строгае журы.
Як адзначыў Віктар Петрачэнка, які ўзначаліў каманду юніёраў Мінлясгаса,  конкурс прафмайстэрства праводзіцца ў адпаведнасці з правіламі чэмпіянату свету.
 
 
 
 
 
 
 
Між іншым, два гады запар беларускія вальшчыкі лесу пацвярджаюць званне чэмпіёнаў свету. І “нараджаюцца” чэмпіёны часта на такіх вось спаборніцтвах.
Каб спаборнічаць у майстэрстве валкі дрэва, трэба падпіліць яго так, каб яно ўпала дакладна на калок у 15 метрах ад асновы ствала. Кожны сантыметр адхілення здымае ачкі. Улічваюцца тут і хуткасць валкі, і вуглы падпілу дрэва, і многія іншыя нюансы. Калі ваенныя збіраюць і разбіраюць аўтамат на хуткасць, то ў спаборніцтвах па мантажы ланцуга на хуткасць трэба гэты ланцуг памяняць. Прычым, зрабіць надзейна і якасна. Некаторым асабліва спрытным прафесіяналам удаецца выканаць дзеянне за 10-15 секунд.
Ніколі не прапускае конкурс, удзельнічае ў ім з 1996 года Аляксандр Смяхоўскі, вальшчык з Глыбоцкага лясгаса, які перакананы: каб перамагаць, трэба абавязкова рыхтавацца. І ён рыхтуецца, таму не адзін раз перамагаў і на рэспубліцы. Трэба было бачыць, як ён адмыслова валодае пілой, яна ў яго руках літаральна спявае. Пры ўсім гэтым дзеянні і тэхніка выканання заданняў у лесаруба адшліфаваныя і дакладныя, граматныя і хуткія. Не выпадкова ён і сёлета ў асабістым заліку забраў практычна ўсе дыпломы разам з немалымі грашовымі прэміямі. Ён і яго калега Аляксандр Юковіч з Бягомля падчас узнагароджання з п’едэстала практычна не сыходзілі.
Сапраўды, асобных слоў заслугоўвае каманда Бягомльскага лясгаса – неаднаразовая пераможца абласнога конкурсу прафмайстэрства. Хлопцы ўжо з ліку збіліся, колькі разоў перамагалі, тым не менш, інтарэс ніколькі не губляецца. Нягледзячы на тое, што рука, як кажуць, набіта, да аўтаматызму, яны кожны раз сур’ёзна рыхтуюцца і, што самае цікавае, кожны раз хвалююцца. Яны сталі і на гэты раз пераможцамі, хаця ім на пяткі наступалі расонскія і глыбоцкія лесарубы, якія ўвайшлі ў прызавую тройку.
Варта сказаць і пра шумілінскую каманду, у якую ўвайшлі Юрый Сіпко з Обальскага лясніцтва, Юрый Грыцкевіч з Шумілінскага лясніцтва, Васіль Шаўнёў з Казьянскага лясніцтва і юніёр Ілья Загвоздаў з Шумілінскага лясніцтва і якую рыхтавалі да конкурсу галоўны ляснічы Дзмітрый Падляшчук спецыялісты аховы працы. Шумілінцы на конкурсе выступілі ўпершыню такім складам і выступілі дастойна, заняўшы восьмае месца. Дарэчы, Ілья сярод 15 юніёраў заняў чацвёртае месца і атрымаў грашовы сертыфікат ад Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання.
Усе ўдзельнікі ў адзін голас выказалі перакананне, што такія конкурсы неабходныя: яны дазваляюць даводзіць да аўтаматызму рухі і дзеянні, прывучаюць працаваць, строга выконваючы правілы тэхнікі бяспекі, тут вальшчыкі пераймаюць вопыт. А гэта прамы шлях да прафесіяналізму, прызнання і поспеху.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №55 ад 16.07.2019 г.

Информация

Полезные ссылки

prezident
mlh

flower
sng214

bstu banner_214x117

 

 

 

 

blind