1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

Патриотическим автопробегом отметил Шумилинский район своё 95-летие

Па знакавых кропках Шуміліншчыны
Крэатыўна адзначыў сваё 95-годдзе з дня ўтварэння Шумілінскі раён: па ініцыятыве раённай арганізацыі “Белая Русь”  17 ліпеня, у дзень утварэння раёна, быў арганізаваны аўтапрабег па знакавых кропках Шуміліншчыны. Гэтыя мясціны дэманструюць слаўнае мінулае і сучаснае развіццё раёна. Яны  яскравыя сведкі таго, што мы можам ганарыцца нашай малой радзімай, Шуміліншчынай.
Аўтапрабег выклікаў жывы інтарэс не толькі ў актывістаў раённых грамадскіх арганізацый, а і ў жыхароў раёна. Як вынік, 57 удзельнікаў адправіліся ў шлях.  Прычым, былі “экіпажы”  як працоўных калектываў, так і сямейных. Галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасьева ўзяла на аўтапрабег двух сыноў: «Калі ўбачылі праграму мерапрыемства, адразу вырашылі, што сынам будзе цікава. На мой погляд, гэта вельмі добра, калі дзеці будуць ведаць сваю малую радзіму».
Перад стартам  на цэнтральнай плошчы ў Шуміліне ажыўлена і шматлюдна.  Старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава  вітае ўдзельнікаў аўтапрабегу, нагадвае, што сёлетні год юбілейны для нашага раёна – мы адзначаем і 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 95-годдзе з дня ўтварэння раёна.
Аўтакалона, упрыгожаная Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь, сцягам Шумілінскага раёна, грамадскіх аб’яднанняў і прадпрыемстваў, адправілася ў падарожжа.
Першы прыпынак вельмі сімвалічны – брацкія могілкі ў Дворышчы. Тут знайшлі свой спачын амаль 2400  савецкіх салдат, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Тут на сіроцінскай зямлі 75 гадоў таму ішлі жорсткія баі.  Пра гэта падчас невялікага мітынгу расказала дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова.
Працяг ваеннай тэмы – у аграгарадку Мішневічы каля памятнага знака «САУ-152». Намеснік ваеннага камісара Бешанковіцкага і Шумілінскага раёна Ігар Аляксееў зрабіў экскурс у ваенныя часы, больш падрабязна спыніўся на ваеннай тэх-ніцы гадоў Вялікай Айчыннай вайны.
Спыняемся каля памятнага знака ў вёсцы Мазуры. Пра гераізм і стойкасць савецкіх людзей распавёў старшыня раённай арганізацыі ГА “Саюз ваенных маракоў” Віктар Прыходзька.
– Гэтыя тры прыпынкі  вельмі ўражваюць, – дзеліцца старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах. – Хвіліны маўчання, кветкі – гэта даніна памяці  сённяшняга пакалення тым, хто падарыў нам мір.
Домік паляўнічага ў Роўным добра вядомы і шумілінцам, і гасцям як з Беларусі, так і з замежжа. Непаўторнасць мясцовых краявідаў і беларуская гасціннасць сталі візітнай карткай гэтай турыстычнай кропкі раёна. Тут для ўдзельнікаў аўтапрабегу была арганізавана азнаямляльная экскурсія, пасля якой многія выказалі намер прыехаць сюды на адпачынак.
Ёсць што паглядзець і ў Обалі. Найперш гэта музей Обальскага камсамольскага падполля. «Кожны раз, калі бываю тут, ахопліваюць дрыжыкі, – дзеліцца в. а. першага сакратара райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева. –  Члены камсамольскай падпольнай арганізацыі «Юныя мсціўцы» – нашы равеснікі. Іх гераізм і патрыятызм – прыклад для сённяшняй моладзі».
Цікавай была экскурсія па Обальскім керамічным заводзе, падчас якой  расказалі пра завод і паказалі  працэс вырабу цэглы і керамічных вырабаў, якія обальскія майстры ствараюць у адзінкавых экзэмплярах. Многія на памяць набылі сувеніры.
У аграгарадку Кардон свята шануюць памяць пра Героя Савецкага Саюза Леаніда Леанідавіча Вінера. Тут удзельнікі аўтапрабегу прынялі ўдзел у мітынгу  і ўсклалі кветкі да помніка воінам-землякам.
Як вядома, наш раён сельскагаспадарчы.  Таму і наведванне адной з лепшых сельскіх гаспадарак раёна было на маршруце. Кіраўнік СФГ «Раднік» Юрый Сямёнаў расказаў пра сельгас-прадпрыемства.
Апошняя кропка аўтапрабегу – Вялікі камень у вёсцы Горкі. Самы вялікі з камянёў, што ёсць у Беларусі. Пра легенды, звязаныя з гэтым валуном, расказала дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова.
А закончыўся аўтапрабег музычным флэшмобам, падчас якога ўдзельнікі спявалі ўсім вядомыя песні.
Аўтапрабег, які заняў цэлы дзень, падарыў безліч яркіх эмоцый. Адна падзея змянялася другой, многія па-новаму адкрылі для сябе сваю малую радзіму – Шуміліншчыну. І гэта толькі маленькая частка таго, чым можна нам ганарыцца.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Ля памятнага знака «САУ-152» у аграгарадку Мішневічы.
Музычны флэшмоб ля Вялікага каменя ў вёсцы Горкі.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2019 г.

Информация

Полезные ссылки

prezident
mlh

flower
sng214

bstu banner_214x117

 

 

 

 

blind