1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

Аляксандр Лабынцаў: У планах лесаводаў – не зніжаць тэмпы, актыўна развівацца

У планах лесаводаў – не зніжаць тэмпы, актыўна развівацца

3-3

Сёлета шумілінскія лесаводы з-за правядзення ў Шуміліне абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2021» святкаванне свайго прафесійнага свята перанеслі на тыдзень пазней. Тым больш што дырэктар Шумілінскага лясгаса Аляксандр Лабынцаў прымаў непасрэдны ўдзел у галоўным свяце хлебаробаў – лясгас стаў пераможцам у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» за 2021 год сярод лесагаспадарчых прадпрыемстваў і атрымаў у якасці падарунка за перамогу трактар «Беларус 82.1». Па словах дырэктара, новая тэхніка будзе задзейнічана на работах па адвозцы адходаў з вытворчых участкаў і ляснога гадавальніка ў Полцеве.
Што стаіць за гэтай перамогай і наогул з якімі вынікамі і поспехамі сустракаюць работнікі Шумілінскага лясгаса сваё галоўнае свята, расказвае кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Лабынцаў.


– Шумілінскі лясгас вельмі шмат робіць па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні месцаў адпачынку, прыдарожных лясных палос, вытворчых аб’ектаў, адміністрацыйных будынкаў і прылягаючых тэрыторый. Мы стараемся забяспечваць камфортныя ўмовы для работы. Эстэтыка тут адыгрывае немалаважную ролю.
– Раённая лясная галіна, наколькі я ведаю, зрабіла і арыгінальныя падарункі раёну да «Дажынак»…
– Шумілінскі лясгас узяў на сябе палову расходаў у стварэнні скульптурнай кампазіцыі «Берагіня лесу», якая была ўстаноўлена на ўездзе ў Шуміліна, падарыў райцэнтру для гарадскога парка дэкаратыўную фігуру лася. Горад упрыгожылі работы майстроў разьбы па дрэве, удзельнікаў першага абласнога пленера «Лясная магія», які прайшоў у Шуміліне.
– Аляксандр Сяргеевіч, давайце пагаворым пра вытворчыя справы. З якімі фінансавымі паказчыкамі Шумілінскі лясгас прыйшоў да свята?
– Вытрымліваем узятыя на сябе абавязацельствы па выкананні бізнес-плана, усе паказчыкі выкананы з апераджэннем. Укладваем шмат інвестыцый у вытворчасць, бо разумеем, што без укладанняў і абнаўлення нельга працаваць рытмічна, зладжана і высокапрадукцыйна. Глебавыя ўмовы на шумілінскіх землях няпростыя, і без дадатковых выдаткаў на спецтэхніку і спецабсталяванне, без якіх абыходзяцца іншыя лясгасы, шумілінскім лесаводам выконваць вытворчыя паказчыкі немагчыма. Так, за 8 месяцаў інвеставалі 2 мільёны 800 тысяч рублёў.
– Аднак жа, як паказвае жыццё, карэктывы ў вашу работу можа ўносіць надвор’е. Я пра сёлетняе лета і яго сюрпрызы.
– Лета 2021 года выдалася анамальна спякотным, сухім, вельмі пажаранебяспечным, багатым на моцныя парывістыя вятры. Мы некалькі разоў уводзілі забарону на наведванне лясоў. А чэрвеньскі буралом, які на тэрыторыі раёна знішчыў больш за 300 гектараў лесу, стаў самым буйным на Віцебшчыне за 85-гадовую гісторыю існавання лесагаспадаркі. Ён прымусіў мабілізаваць усе нашы сілы, дадаткова прыцягваць сілы буйнейшых лесанарыхтоўшчыкаў і суседніх лясгасаў на ліквідацыю наступстваў і аператыўную распрацоўку пашкоджаных участкаў пад асеннія лесапасадкі хваёвых каштоўных парод.
– Аднак жа лесаводы раёна паспяваюць не толькі лес расціць, а і паспяхова і актыўна займацца спортам, творчасцю?
– Абавязкова знаходзім на гэта час. Гэта яднае калектыў, дае магчымасць работнікам рэалізоўваць сябе, адпачываць культурна. Сёлета ў маі Шуміліна прымала першы абласны творчы конкурс-пленэр майстроў разьбы па дрэве «Лясная магія», у якім наш работнік Аляксандр Сіпко стаў пераможцам і трапіў на рэспубліканскі тур. Летам каманда Шумілінскага лясгаса стала пераможцай абласной галіновай спартакіяды, і поспех не выпадковы, мы сур’ёзна рыхтаваліся. На творчым конкурсе ў Докшыцах наша Ірына Салаўёва заняла 1 месца ў намінацыі «вакал». Акрамя таго, актыўна работнікі лясгаса падарожнічаюць па краіне.
Хачу павіншаваць з Днём работнікаў лесу шаноўных ветэранаў і работнікаў прадпрыемства. Я вельмі ганаруся і цаню, што ў нас працуюць людзі шчырыя, надзейныя, адказныя, якія не пабаяліся звязаць свой лёс з лясной гаспадаркай і ўкладваюць усе сілы ў яе развіццё і працвітанне. Шчыра жадаю ўсім зда-роўя, удачы, дабрабыту, добрага настрою і шмат нагод, каб адчуваць сябе шчаслівым чалавекам.
Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў № 74 ад 24.09.2021 г.

Информация

Полезные ссылки

prezident
mlh

flower
sng214

bstu banner_214x117

 ihunt logotip

ban na ohot

banner-portal-reitingovoi-ocenki