
«Куды камбайны – туды і я»
Патрабаванням па ахове працы (на палетках павінна дзяжурыць аўтамабіль ці трактар з вадой), строга прытрымліваюцца ва УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» – у гэтым мы ўпэўніліся, калі тыдзень таму пабывалі на жніўных палетках ля Добрына.
На пажарнай машыне – малады вадзіцель Алег КАЗЛОЎСКІ (на здымку). У лясгасе ён працуе ўсяго год, але дакладна ведае, наколькі важна быць падрыхтаваным да розных надзвычайных сітуацый як у лесе, так і на ўборачнай. «У пажарнай машыне каля дзвюх тон вады, – расказаў Алег. – Ёсць неабходныя прыстасаванні: рукавы, пісталеты, ранцы, рыдлёўкі. Увесь час сачу за рухам камбайнаў, калі што – своечасова адрэагую на сітуацыю. З механізатарамі і вадзіцелямі на пастаяннай сувязі. Куды камбайны – туды і я. Пераязджаю разам з імі з аднаго поля на другое».
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Дата публикации: 29.08.2023