Пасля буралому

Работнікі Шумілінскага лясгаса ліквідуюць наступствы чэрвеньскай стыхіі

25 чэрвеня па тэрыторыі Шумілінскага раёна прайшоў небывалы ўраган, які нарабіў бяды ў лясной гаспадарцы. Спецыялісты Шумілінскага лясгаса ў першыя суткі ацанілі маштаб разгулу стыхіі «на вока» вельмі сціпла. Пасля дакладнага вывучэння сітуацыі лічба пераваліла за 250 га паваленага лесу. Стала зразумела – работа чакае вялікая. Гэта тая тэрыторыя, якая патрабуе суцэльнай санітарнай высечкі і своечасовай уборкі пашкоджанай драўніны.

Стыхія асабліва пагаспадарыла на тэрыторыі Мікалаеўскага лясніцтва, закранула Обальскае, Мікіціхінскае і Мішневіцкае лясніцтвы. Глядзець на пашматаны ветрам лясны масіў цяжка. Абрубкі хваёвых дрэў, пагнутыя высачэзныя сосны нагадваюць, наколькі страшэннай бывае стыхія.

Шумілінскія лесаводы аператыўна пачалі ліквідаваць наступствы буралому. У першы дзень усе намаганні былі кінуты на расчыстку дарог ад паваленых дрэў. На дапамогу прыйшлі калегі з суседніх лясгасаў – Аршанскага, Багушэўскага, Віцебскага, Дрэтуньскага і Лепельскага, бо адным, зразумела, справіцца з такімі аб’ёмамі работ было не па сілах.

Каб бураломная драўніна не згубіла тэхнічныя характарыстыкі і таварныя якасці, лесанарыхтоўчыя брыгады з прыцягненнем спецтэхнікі неадкладна прыступілі да распрацоўкі пашкоджаных насаджэнняў. Зрабіць гэта варта ў самыя кароткія тэрміны. Лесу хоць і дасталася, але ні ў якім разе нельга губляць шанс захаваць драўніну.

Нязручнасцяў было многа, прызнаюцца работнікі лясгаса. У першыя дні падножку паставіла надвор’е, таму работы ішлі не так аператыўна, як хацелася. Спёка стаяла такая, што працаваць работнікам лясгаса даводзілася з 4-5 гадзін раніцы і толькі да 11.00. У дадатак да ўсяго ў сувязі з высокай тэмпературай надвор’я на асфальтавых дарогах дзейнічала забарона на рух, таму нязручнасці і перашкоды адчулі і вадзіцелі лесавозаў.

Першы вялікі ўчастак ля вёскі Бубалі шумілінскія лесаводы прывялі ў парадак. Зараз работы ідуць на ўчастку паміж Кардонам і Мікалаевам. У дзень нашага прыезду на адной з лесасек працавалі пяць вальшчыкаў лесу разам з майстрам, былі задзейнічаны два трактары. Хоць дзялянка знаходзіцца на тэрыторыі Мікалаеўскага лясніцтва, ваўсю дапамагаюць работнікі Шумілінскага лясніцтва.

«Да верасня ўключна работай забяспечаны, – прыкінулі аб’ёмы вальшчыкі лесу Шумілінскага лясніцтва Максім Канапелька і Яўген Сярко. – Валім, высякаем, пілім, абразаем, вывозім. Так, трактарыст Андрэй Салаўёў вывез за месяц больш за 2,5 тысячы кубаметраў драўніны і выйшаў у абсалютныя лідары ў вобласці. Стараемся па максімуму атрымаць выгаду з пашкоджанага дрэва. Да кожнага падыходзім індывідуальна. Незапатрабаванай драўніны не застаецца».

Такі маштабны буралом на памяці вальшчыкаў здарыўся ў лясгасе ўпершыню. Такое яны бачылі, аднак не на радзіме, а калі ў мінулыя гады выязджалі на дапамогу да калег у Беразіно, Чаўсы, Чэрвень.

Шумілінскі лясгас ставіў задачу за год нарыхтаваць 110 тысяч кубаметраў драўніны, гэта каля 10 тысяч кубоў у месяц. За ліпень шумілінскія лесаводы нарыхтавалі з пашкоджаных ураганам участкаў двайную норму – больш за 22 тыс. кубаметраў драўніны. Па падліках кіраўніцтва лясгаса, пашкоджаных дрэвастояў крыху больш за 65 тыс. куб. метраў.

Варта адзначыць, што кіраўніцтва лясгаса ў першыя дні прыняла рашэнне забяспечваць работнікаў, занятых на ліквідацыі наступстваў стыхіі, бясплатнымі абедамі. Для гэтага закуплены спецыяльныя тэрмасы на брыгаду і заключана дамоўленасць з ІП В. Мацуганавым аб штодзённым прыгатаванні 50 абедаў. Разам з абедамі на ўчастак дастаўляецца мінеральная і пітная вада.
Да 1 верасня, па словах дырэктара лясгаса Аляксандра Лабынцава, з суцэльнай высечкай лесаводы павінны справіцца. Пасля актывізуецца работа па выбарачных высечках. Задзейнічаны ўсе сілы і сродкі для хуткай рэалізацыі драўніны пакупнікам, павялічылася нагрузка на дрэваапрацоўчы цэх.

Усе высечкі будуць засаджаны новымі дрэвамі. Праўда, для таго, каб з’явіўся прыкладна такі ж лес, як быў да буралому, спатрэбіцца як мінімум 60 год.

Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №61 ад 10.08.2021 г.

Лічба

Больш за 60 чалавек, 25 бензапіл, 10 харвестараў, 9 фарвардараў, 11 трактароў, не менш за 10 сартыментавозаў – такі арсенал штодзень спраўляецца з наступствамі стыхіі, якая абрынулася на наш раён 25 чэрвеня.

Дата публикации: 17.08.2021