Зробім свет вакол чыстым!
У мінулую суботу жыхары раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Чысты лес-2019”. Кампанія па навядзенні парадку ў лясным фондзе прымеркавана да Года малой радзімы.
Больш за дзясятак поўных пакетаў са смеццем – вынік работы дэсанта з Шумілінскага лясгаса на чале з дырэктарам Аляксандрам Лабынцавым, які адправіўся суботняй раніцай на возера Лескавіцкае. Чалавек трыццаць, у тым ліку і дзеці работнікаў, узброіўшыся пакетамі і пальчаткамі, прачасалі бераг возера і прылягаючы сасоннік і сабралі ўсё смецце, якое пакінулі за летні сезон пасля сябе не вельмі сумленныя адпачываючыя. Работнікі лясгаса прыхапілі з сабой пілу і акультурылі дрэвы і кустоўе на месцы масавага адпачынку.

Самыя актыўныя ўдзельнікі акцыі атрымалі ў гэты дзень прызы – сімвалічныя брэндавыя сувеніры. За тое, што клапоцяцца, каб свет вакол быў чыстым.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2019 г.