Сколько лет Шумилино? Установлена дата первого документального существования поселения

Сколько лет Шумилино? Установлена дата первого документального существования поселения

Колькі год Шуміліну?

Цікава ведаць дзень нараджэння свайго населенага пункта. Прыемна пахваліцца, што жывеш у паселішчы, часы заснавання якога губляюцца ў глыбіні стагоддзяў, а калі яшчэ і заснавальнік – вядомая асоба… Пра гэта складаюцца легенды.

Вось і пра заснаванне Шуміліна мясцовыя краязнаўцы прыдумалі прыгожае паданне, як «у 1812 годзе ў бары, які рос на месцы будучага райцэнтра, шумеў жорсткі бой французскіх і рускіх войскаў, і назвалі той бор Шумны, а калі з’явілася вёска, яна атрымала назву Шуміліна». Гэта паданне вызначае ўзрост Шуміліна ў дзве сотні гадоў.  Але гісторыкам падавай факты ды дакументы.

Крыху гісторыі

Тэрыторыя сённяшняга Шумілінскага раёна з IX стагоддзя ўваходзіла ў межы Полацкага княства. У пачатку XII стагоддзя князь Усяслаў Чарадзей падзяліў княства паміж сынамі на ўдзелы, і шумілінскія землі былі падзелены паміж Віцебскім і Полацкім княствамі. Гэтая мяжа захоўвалася на працягу многіх стагоддзяў. У часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай тэрыторыя сённяшняга Шумілінскага раёна дзялілася паміж Віцебскім і Полацкім ваяводствамі. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння да Расійскай імперыі ў 1772 годзе тэрыторыя раёна была падзелена паміж Полацкім (заходняя частка раёна), Віцебскім (усходняя частка) і Гарадоцкім (паўночная частка) паветамі. І вёска Шуміліна знаходзілася ў Полацкім павеце на мяжы з Віцебскім.

Крыніцы інфармацыі

Існуюць каштоўныя дакументы – планы Генеральнага межавання, з якіх можна атрымаць шмат цікавай інфармацыі. Генеральнае межаванне праводзілася ў Расіі з 1765 года і да канца ХIX стагоддзя з мэтай устанаўлення дакладных граніц паміж зямельнымі ўладаннямі. Матэрыялы Генеральнага межавання – гэта дакладная карта з межамі зямельных участкаў, якія належаць розным уласнікам, а таксама эканамічныя апісанні з указаннем населеных пунктаў, колькасці жыхароў, плошчаў і іншай інфармацыі.

У Полацкім намесніцтве (пазней Віцебская губерня) генеральнае межаванне праводзілася ў 1780-1790 гады.

У «Алфавіце Віцебскай губерні Полацкага павета» (спіс зямельных участкаў) запісана, што 15 кастрычніка 1785 года памочнік землямера Багамазаў зрабіў межаванне і апісаў дачу (так у Генеральным межаванні называюцца асобныя зямельныя ўладанні) пад нумарам 91 на Генеральным плане Полацкага павета: «Коровайнеца и Ставры, сельцы с деревнями, бригадира* и Полоцкаго комменданта Отто Петрова сына фон Гандрынга». Ва ўладанні налічвалася па рэвізіі** 233 чалавекі мужскога полу, зямлі прыдатнай 2020 дзесяцін***, няўдобіц 132 дзесяціны 1474 сажняў (квадратных), усяго 2152 дзесяціны 1474 сажні. На тэрыторыі месціцца 2 сяльца – Каравайніцы і Стаўры і 11 вёсак – Каравайніцы, Точыная?, Голодніца, Красной Луг, Папова, Латыршчына?, Гайдамакі, Шуміліна, Бакачы, Стаўры, Мордва.

На плане Полацкага павета, які быў зроблены ў 1785 годзе, на самай мяжы з Віцебскім паветам абазначана маленькая вёсачка Шуміліна (1-3 двары), побач – вёскі Бакачы, Гайдамакі. Дарэчы, на тэрыторыі маёнтка вылучаюцца некалькі аднайменных назваў: сяльцо і вёска Каравайніцы, сяльцо і вёска Стаўры. У адрозненні ад сяла – буйнога паселішча з храмам, сяльцо – паселішча з дваром землеўласніка, вёска – сялянскае паселішча. Можна меркаваць, што цэнтрам маёнтка было сяльцо Каравайніцы, а ў Стаўрах знаходзіўся нейкі памешчыцкі гаспадарчы двор (фальварак).

Цікавая і трансфармацыя назвы Стаўры (пераклад з грэчаскага – крыжы). Ужо на картах XIX стагоддзя яна называецца Крыжы, а зараз у в. Баёўка ёсць вуліца Крыжэўская.

Такім чынам можна лічыць, што першы дакументальны запіс пра сучасны гарадскі пасёлак Шуміліна датуецца 15 кастрычніка 1785 года. А значыць Шуміліну сёлета споўніцца 237 гадоў, пацверджаных дакументальна.  Зразумела, што ўзнікла вёска Шуміліна раней за гэтую дату, мяркую, што яшчэ гадоў 50-100 дадасца. Але далейшыя пошукі трэба весці ў польскіх і літоўскіх гістарычных архівах у дакументах Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.

 Што тычыцца назвы

Што тычыцца назвы населенага пункта, то  тапанімісты схіляюцца да яе паходжання ад асабістага прозвішча Шуміла – верагодна, селяніна, які атрымаў ад памешчыка ў карыстанне зямлю і заснаваў вёску. Тым больш, што гэтае прозвішча сустракаецца ў нашай мясцовасці.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

*Брыгадзір – вайсковае званне вышэй за палкоўніка, ніжэй за генерал-маёра, у рускай арміі існавала ў перыяд 1722 – 1796 гг., ваенны чын 5 класа.

**Рэвізія – перапіс насельніцтва, пры якім улічваліся толькі мужчыны, як плацельшчыкі падушнага падатку. Усяго з 1719 да 1857 года ў Расіі было праведзена 10 рэвізій. На тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай, далучаных да Расійскай імперыі, першая рэвізія прайшла ў 1782 годзе.

***Дзесяціна – старая руская адзінка зямельнай плошчы, выкарыстоўвалася некалькі розных памераў дзесяціны. У 1753 годзе для мэт зямельнага межавання была зацверджана казённая дзесяціна памерам 2400 квадратных сажняў  (1,0925 га).

Дата публикации: 17.06.2022