З дапамогай беспілотніка лясгаса знайшлі бабулю

У сераду, 11 жніўня, з дапамогай дрона Шумілінскага лясгаса знойдзена 81-гадовая пажылая жанчына з в. Пушча Обальскага сельсавета, якая днём раней апоўдні пайшла з дома і назад не вярнулася.

З просьбай аказаць дапамогу да інжынера па аўтаматызаванай сістэме кіравання лясгаса Івана Ліпскага звярнуліся супрацоўнікі РАУС і следчага камітэта. Іх спробы пошуку і яе сына не прывялі да жаданага выніку.

«1,5-2 гадзіны квадракоптар лясгаса абследаваў мяркуемае месца прапажы, – падзяліўся падрабязнасцямі Іван Ліпскі. – Пасля спатрэбілася яшчэ столькі ж часу, каб дакладна вывучыць матэрыялы здымкі. Якое ж было аблягчэнне, калі ўрэшце на кадрах вынайшлі фігуру чалавека, той самай бабулі. Яна ляжала на прасецы, дзе праходзяць лініі электраперадач».

Дзякуй богу, жанчына жывая і яе жыццю зараз нічога не пагражае.

Дата публикации: 17.08.2021